Цыравальная іголка

Жыла-была цыравальная іголка; яна лічыла сябе такой тонкай, што ўявіла, быццам яна швейная іголка.

– Глядзіце, глядзіце, што вы трымаеце! – сказала яна пальцам, калі яны вымалі яе. – Не выпусціце мяне! Упаду на падлогу – чаго добрага, згублюся: я занадта тонкая!

– Быццам бы! – адказалі пальцы і моцна схапілі яе за талію.

– Вось бачыце, я іду з цэлай світай! – сказала цыравальная іголка і пацягнула за сабою доўгую нітку, толькі без вузельчыка.

Пальцы ўторкнулі іголку проста ў кухарчыну пантофлю, – скура на пантофлі трэснула, і трэба было зашыць дзірку.

– Фу, якая чорная работа! – сказала цыравальная іголка, – я не вытрымаю! Я зламлюся!

І сапраўды зламалася.

– Ну вось, я ж казала, – прамовіла яна, – я занадта тонкая!

«Цяпер яна ні на што не годная», – падумалі пальцы, але ім ўсё-такі давялося моцна трымаць яе: кухарка накапала на зламаны канец іголкі сургуч і потым закалола ёй хустку.

– Вось цяпер я – брошка! – сказала цыравальная іголка. – Я ведала, што буду карыстацца павагай: у кім ёсць толк, з таго заўсёды выйдзе нешта вартае.

І яна засмяялася сама сабе, – бо ніхто ж не бачыў, каб цыравальныя іголкі смяяліся ўголас, – яна сядзела ў хустцы, нібы ў карэце і аглядалася па баках.

– Дазвольце спытацца, вы з золата? – звярнулася яна да суседкі-шпількі. – Вы вельмі сімпатычная, і ў вас уласная галоўка... Толькі маленькая! Пастарайцеся яе адгадаваць, – не кожнаму ж дастаецца сургучная галоўка!

Пры гэтым цыравальная іголка так фанабэрыста выпрасталася, што вылецела з хусткі проста ў ракавіну, куды кухарка якраз вылівала памыі.

– Выпраўляюся ў плаванне! – сказала цыравальная іголка. – Толькі б не згубіцца!

Але яна згубілася.

– Я занадта тонкая, я не створана для гэтага свету! – сказала яна, лежачы ў вулічнай канаве. – Але я ведаю сабе кошт, а гэта заўсёды прыемна.

І цыравальная іголка цягнулася ў струнку, не трацячы добрага настрою.

Над ёю праплывала ўсялякая ўсялячына: трэскі, саломінкі, кавалкі газетнай паперы...

– Бач, як плывуць! – казала цыравальная іголка. – Яны і ў розум не возьмуць тое, хто хаваецца тут пад імі. – Гэта я тут хаваюся! Я тут сяджу! Вунь плыве трэска: у яе толькі і думак, што аб трэсках. Ну, трэскай яна век і застанецца! Вось саломінку нясе... А круціцца, круціцца як! Не задзірай так носу! Глядзі, каб не наскочыць на камень! А вунь газетны абрывак плыве. Даўно ўжо забыцца паспелі, што на ім надрукавана, а ён бач як разгарнуўся!.. Я ляжу ціха, смірна. Я ведаю сабе кошт, і гэтага ў мяне не адбяруць!

Аднойчы каля яе нешта заблішчэла, і цыравальная іголка ўявіла, што гэта брыльянт. Гэта быў бутэлечны асколак, але ён зіхацеў, і цыравальная іголка загаварыла з ім. Яна назвала сябе брошкай і спыталася ў яго:

– Вы, мусібыць, брыльянт?

– Так, нешта накшталт гэтага.

І абое думалі адно пра другое і пра саміх сябе, што яны сапраўднай каштоўнасці, і гутарылі між сабой аб недасведчанасці і фанабэрыстасці свету.

– Так, я жыла ў каробцы ў адной дзяўчыны, – распавядала цыравальная іголка. – Дзяўчына гэтая была кухаркай. У яе на кожнай руцэ было па пяць пальцаў. І вы ўявіць сабе не можаце, да чаго даходзіла іх напышлівасць! А занятак жа ў іх быў толькі адзін – вымаць мяне і класці назад у каробку!

– А яны блішчэлі? – спытаўся бутэлечны асколак.

– Блішчэлі? – адказала цыравальная іголка. – Не, бляску ў іх не было, затое колькі гонару!.. Іх было пяць братоў, усе – уроджаныя «пальцы»; яны заўсёды стаялі ў рад, хоць і былі рознай велічыні. Крайні – Таўстун, – між іншым, адстояў ад іншых, ён быў тоўсты карантыш, і спіна ў яго гнулася толькі ў адным месцы, таму ён мог кланяцца толькі раз; затое ён казаў, што калі яго адсякуць, дык чалавек не прыдатны болей для вайсковай службы. Другі – Ласунок – тыцкаў свой нос усюды: і ў салодкае і ў кіслае, тыцкаў і ў сонца і ў месяц; ён жа націскаў на пяро, калі трэба было пісаць. Наступны – Цыбаты – глядзеў на ўсіх звысоку. Чацверты – Залатаперст – насіў вакол поясу залаты пярсцёнак. І, нарэшце, самы маленькі – Пер-музыка нічога не рабіў і вельмі гэтым ганарыўся. Так, яны толькі і ведалі, што выхваляцца, і вось – я кінулася ў ракавіну.

– А цяпер мы сядзім ды блішчам! – сказаў бутэлечны асколак.

У гэты час вады ў канаве прыбыло, і яна хлынула цераз край і знесла з сабой асколак.

– Ён прасунуўся! – уздыхнула цыравальная іголка. – А я засталася ляжаць! Я занадта тонкая, занадта далікатная, але я ганаруся гэтым, і гэта высакародны гонар!

Яна ляжала, выцягнуўшыся ў струнку, і перадумала шмат думак.

– Я проста гатовая думаць, што нарадзілася ад сонечнага промня, – такая я тонкая! Праўда, здаецца, быццам сонца шукае мяне пад вадой! Ах, я такая тонкая, што нават бацька мой сонца не можа мяне знайсці! Не абламалася б тады маё вочка, я б, здаецца, заплакала! Хаця, не, плакаць непрыстойна!

Аднойчы прыйшлі вулічныя хлапчукі і пачалі корпацца ў канаўцы, вышукваючы старыя цвікі, манеткі ды іншыя скарбы. Перапэцкаліся яны страшэнна, але гэта прыносіла ім задавальненне!

– Ай! – закрычаў раптам адзін з іх; ён накалоўся аб цыравальную іголку. – Глядзі, якая штуковіна!

– Я не штуковіна, а паненка! – заявіла цыравальная іголка, але яе ніхто не пачуў. Сургуч з яе сышоў, і яна ўся пачарнела, але ў чорным заўсёды выглядаеш больш стрункай, і іголка ўяўляла, што стала яшчэ танчэй за ранейшае.

– Вунь плыве яечная шкарлупіна! – закрычалі хлапчукі, узялі цыравальную іголку ды ўваткнулі ў шкарлупіну.

– Чорнае на белым фоне вельмі прыгожа! – сказала цыравальная іголка. – Цяпер мяне добра відаць! Толькі б не захварэць на марскую хваробу, гэтага я не вытрымаю: я такая далікатная!

Але яна не захварэла на марскую хваробу – вытрымала.

– Супроць марской хваробы добра мець стальны страўнік, і заўсёды трэба памятаць, што ты не тое што звычайныя смяротныя! Цяпер я зусім ачуняла. Чым ты больш высакародны, тым больш можаш перанесці!

– Крэк! – сказала яечная шкарлупіна: яе пераехалі ламавыя калёсы.

– Вух, як цісне! – заенчыла цыравальная іголка. – Зараз мяне званітуе! Не вытрымаю! Зламлюся!

Але яна вытрымала, хаця яе і пераехалі ламавыя калёсы; яна ляжала на бруку, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню, – ну і няхай сабе ляжыць!

Прачытайце казку Ганса Андэрсена «Цыравальная іголка» на іншых мовах: