Жыў-быў элегантны кавалер; у яго толькі і было за душой, што падстаўка, каб здымаць боты, грабянец ды яшчэ вельмі прыгожы, нават франтаваты каўнерык. Вось пра каўнерык і пойдзе размова.
Каўнерык пажыў ужо на свеце і пачаў думаць пра жаніцьбу. Выпала яму аднойчы трапіць у начоўкі разам з падвязкай для панчохі.
– Ах! – усклікнуў каўнерык. – Якія вы стройныя, якія пяшчотныя і мілыя! Дазвольце ўведаць вашае імя?
Але падвязка была вельмі сарамлівая, гэтае запытанне здалося ёй нясціплым, і яна змаўчала.
– Вы, мабыць, завязка? – не адступаўся каўнерык. – Штосьці падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне і ў той жа час прыносіце карысць, понадзь мая!
– Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркі! – загневалася падвязка. – Я, здаецца, не давала для гэтага падставы!
– Ваша краса – самая лепшая падстава! – сказаў каўнерык.
– Ах, прашу, не чапляйцеся! – павысіла голас падвязка. – Вы падобныя на мужчыну!
– Канечне, я ж элегантны кавалер! – з гонарам прамовіў каўнерык. – У мяне ёсць падстаўка для ботаў і грабянец!
Вось і зманіў! Каўнерык проста хваліўся: тыя рэчы былі не ягоныя, а яго гаспадара.
– Адчапіцеся, калі ласка, – не падпускала яго блізка да сябе падвязка. – Я не прывыкла, каб так са мной паводзіліся.
– Незачэпа! – буркнуў каўнерык.
Тут яго ўзялі, памылі, накрухмалілі, павесілі на спінку крэсла, высушылі на сонцы, затым паклалі на прасавальную дошку.
Заявілася гарачая прасавальная плітка.
– Пані! – прамовіў каўнерык ёй. – Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьці робіцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку і сэрца!
– Ах ты рызман! – ганарыста сказала прасавальная плітка і цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны.
Каўнерык крыху абшморгнуўся; і з'явіліся нажніцы, каб падраўняць яму краі.
– О! – усклікнуў каўнерык. – Вы, мусіць, знакамітая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамі! Ніколі не бачыў нічога такога! Ніхто з жанчын не можа параўнацца з вамі!
– Ведаем! – сказалі нажніцы.
– Вы вартыя быць графіняй, – прадаўжаў каўнерык. – Але, на жаль, я маю толькі гаспадара-франта, падстаўку для ботаў і грабянец... Ах, каб было ў мяне графства...
– Ды ён, здаецца, сватаецца?! – ускрыкнулі нажніцы і ў злосці гэтак спаласавалі каўнерык, што прыйшлося яго выкінуць.
«Пасватацца хіба толькі да расчоскі?» – падумаў каўнерык і звярнуўся да яе:
– Проста дзіва, як захаваліся вашыя зубкі, фрэкен!.. Скажыце, вы калі-небудзь думалі пра замужжа?
– Чаму не думала! – адказала расчоска. – Я паненка зэдлічка, на якім твой гаспадар абувае боты.
– Паненка?! – усклікнуў каўнерык.
Цяпер яму не было да каго сватацца, і ён пачаў з пагардай думаць пра жаніцьбу.
Час ішоў, і каўнерык разам з іншым рыззём трапіў на папяровую фабрыку.
Там сабраўся вялікі рыззёвы гурт.
Тоненькія анучкі, як і трэба, трымаліся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсіх, – ён быў хвалько з хвалькоў.
– У мяне была процьма нарачоных! – лапатаў ён. – Проста бегалі за мной! Ды і як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былі ўласная падстаўка для ботаў і грабянец, хоць я імі ніколі не карыстаўся... Паглядзелі б вы на мяне, калі я, бывала, ляжаў на баку!.. Ніколі не змагу забыць першую нарачоную – завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кінулася! Была яшчэ адна, удоўка, – загарэлася да мяне такім каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакінуў, і яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, – гэта яна раніла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку ці, лепш сказаць – завязку, бо яна з-за мяне кінулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу!
Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык – вось у гэты самы аркушык, на якім надрукавана яго гісторыя. Так ён быў пакараны за сваю лішнюю ману.
І нам варта паводзіцца асцярожней: хто ведае, можа, і таму-сяму з нас прыйдзецца некалі трапіць у ахапак лахманоў і пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гісторыю, і тады пойдзеш разносіць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!
- Комірець (ўкр.)
- Воротник (рус.)
- Der Halskragen (ням.)
- The False Collar (анг.)
- Kołnierzyk (пол.)