Жыў-быў купец. Ён быў такі багацей, што мог бы вымасціць срэбнымі грашыма цэлую вуліцу. А ў прыдатак – яшчэ і завулак. Але гэтага купец не рабіў. Ён добра ведаў як траціць грошы.
Раптоўна гэты багацей памёр. Нашчадкам яго скарбаў застаўся сын. От ён і пачаў жыць весела. Кожную ноч удзельнічаў у розных гулях, маскарадах. З грошай вырабляў папяровых змеяў. А па вадзе, замест каменьчыкаў, шпурляў залатымі манетамі.
Зразумела, што сын купца вельмі хутка застаўся без грошай. У адным старым халаце. Ды ў пантофлях-шлёпанцах. Адвярнуліся ад яго ўсе сябры. Толькі адзін з іх, добры чалавек, прыслаў яму стары куфар. Нічоганькі не мог пакласці бядак у той куфар. Узяў ды сам усеўся туды.
А куфар быў не просты. Варта націснуць на замок – і куфар узлятаў у паветра. Купецкі сын так і зрабіў.
Вокамгненна, з подсвістам куфар вылецеў з ім у комін. Узвіўся высока-высока, пад самыя воблакі. Купецкі сын вельмі страшыўся, што куфар вось-вось разаб'ецца на друзачкі. Але ўсё было добра, і неўзабаве ён прыляцеў у Турцыю.
Схаваў купецкі сын у лесе свой незвычайны куфар-самалёт. А сам пакіраваў у горад. Ён не саромеўся свайго ўбора, бо ў той краіне ўсе людзі хадзілі ў халатах і туфлях.
Сустрэлася яму на вуліцы жанчына з дзіцём, ён і пытае:
– Скажыце, што гэта за вялізны палац каля вашага горада? Чаму ў ім вокны так высока ад зямлі?
– О, тут жыве прынцэса! – сказала жанчына. – Ёй прадказана, што яна будзе няшчаснай ад свайго жаніха. Вось да яе ніхто і не можа зайсці. Толькі з дазволу саміх караля і каралевы.
Падзякаваў купецкі сын, вярнуўся ў лес. Сеў у свой куфар і прыляцеў на дах палаца. Адтуль улез да прынцэсы праз акно.
Прынцэса якраз спала на канапе. Яна была такая прыгажуня, што купецкі сын не ўтрымаўся і пацалаваў яе. Прынцэса прачнулася, спалохана спытала:
– Вы хто?
– Турэцкі бог! – адказаў купецкі сын. – Я прыляцеў да вас з неба.
Прынцэсе гэта спадабалася. Яны селі побач. І госць пачаў расказваць ёй казкі: пра яе вочы, прыгажосць, урэшце, пра буслоў, якія прыносяць людзям маленькіх дзяцей.
Так яны і пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму. Хлопец прапанаваў прынцэсе выйсці за яго замуж. Яна пагадзілася, але сказала пры гэтым:
– Прыйдзіце сюды ў суботу. У мяне будуць піць гарбату кароль і каралева. Ім спадабаецца, што я выходжу замуж за турэцкага бога. А вы пастарайцеся расказаць ім цікавую казку. Толькі ўлічыце: мама любіць казкі павучальньныя і сур'ёзныя, а бацька – вясёлыя.
– Мае казкі і будуць вясельным падарункам, – паведаміў купецкі сын.
Прынцэса на развітанне падарыла свайму жаніху шаблю, выкладзеную чырвонцамі. Такога багацця яму і не хапала. На тым яны развіталіся.
Паляцеў хлопец у горад, купіў сабе новы халат. Ды засеў у лесе складваць казку. Не думайце, што гэта так проста.
Але вось казка гатова. І якраз наступіла субота. Усё адбылося, як сказала прынцэса. Кароль, каралева і ўвесь двор сабраліся да прынцэсы на гарбату. Купецкага сына прынялі як найлепш.
– Ну, раскажы нам казку! – папрасіла каралева. – Толькі што-небудзь сур'ёзнае, павучальнае.
– Але каб і пасмяяцца можна было! – дадаў кароль.
– Добра! – адказаў купецкі сын.
Паслухаем і мы яго казку.
«Жыў-быў пачак запалак. Ляжалі запалкі на паліцы паміж крэсівам і старым жалезным кацялком. Час ад часу яны расказвалі суседзям пра сваё дзяцінства:
– Добра нам было ў маладосці. Жылі мы ў лесе зялёнай сасной. Кожную раніцу і штовечар пілі брыльянтавую гарбату – расу. Цалюткі дзень свяціла нам сонейка, а птушкі расказвалі казкі. Мы ганарыліся сваім багатым родам. Ліставыя дрэвы былі апрануты толькі летам. А мы мелі зялёную вопратку круглы год, нават зімой. Але аднойчы з'явіліся ў лесе дрывасекі, і пачаліся вялікія перамены. Загінула ўся наша сям'я. З нашага шаноўнага дрэва зрабілі запалкі. Вось мы, важныя паны, ляжым цяпер на кухні, служым чэрні.
– Са мной усё было інакш, – сказаў жалезны кацялок. – Як толькі з'явіўся на свет, мяне бясконца чысцяць, шкрабуць, ставяць на агонь. Калі сказаць праўду, то я займаю ў хаце першае месца. Адзінае маё балаўство – ляжаць пасля абеду чысценькім на паліцы ды гутарыць з сябрамі.
Кацялок пачаў расказваць розныя небыліцы пра вядро, кошык, гаршчок. Яго супыніла крэсіва:
– Вельмі, дружа, ты разбалбатаўся. Ці не лепш бы нам паслухаць іншых?
– Так, так, давайце пагаворым, хто з нас важнейшы, – прапанавалі запалкі.
– Не, я не люблю гаварыць пра сябе, – сказала гліняная міска. – Я пачну і паведаю сёе-тое з жыцця, што будзе знаёма ўсім і кожнаму. Дык вось, на беразе роднага мора, у цяньку ад дацкіх букаў...
– Цудоўны пачатак! – пахвалілі талеркі.
– Там у адной мірнай сям'і правяла я сваю маладосць. Уся мэбля была паліраваная. Падлога чыста вымытая. А фіранкі на вокнах мяняліся кожныя два тыдні.
– Як цікава! – сказала мяцёлка. – У вашым аповедзе так і адчуваецца жанчына, якая любіць чысціню.
– Так, так! – пацвердзіла вядро, ад задавальнення нават падскочыла і выплюхнула на падлогу крыху вады.
Гліняная міска тым часам прадаўжала свой аповед. Талеркі загрымелі ад захаплення. Мяцёлка дастала са скрыні з пяском пучок зялёнай пятрушкі і ўвянчала ім міску.
Вугальныя абцугі пусціліся ў скокі. Бог ты мой, як яны ўскідвалі то адну, то другую нагу!
Павінен быў заспяваць самавар. Але ён важнічаў, маўляў, можа спяваць толькі тады, калі ўсярэдзіне ў яго кіпіць.
– Што ж, – сказала гусінае пяро, якое ляжала на акне, абмакнутае ў чарнільніцу, – калі самавар не хоча спяваць, хай заспявае салавей, які вісіць за акном у клетцы.
– Па-мойму, гэта непрыстойна слухаць нейкую нетутэйшую птушку, – зазначыў медны імбрык, зводны брат самавара.
– Давайце шумець! – закрычалі ўсе.
Раптам дзверы адчыніліся, увайшла служанка. Усе прыціхлі, ні гугу. Але не было ніводнага гаршка, які б не думаў пра сваю знакамітасць. Кожны думаў пра сябе: «От каб я ўзяўся за справу, было б весела!»
Служанка ўзяла запалкі і запаліла імі свечку. Божа мой, як яны фыркалі, калі запальваліся!
«Вось цяпер усе бачаць, што мы тут важныя асобы, – думалі яны. – Які ад нас бляск, колькі святла!»
Так яны і згарэлі.
– Цудоўная казка! – сказала каралева. – Я нібыта сама пасядзела на кухні разам з запалкамі. Так, ты варты рукі нашай дачкі.
– Безумоўна! – пацвердзіў кароль. – Вяселле адбудзецца ў панядзелак!
Кароль і каралева звярталіся да жаніха на «ты». Яны паверылі, што ён вельмі хутка стане часткай іх сям'і.
Вечарам у горадзе наладзілі ілюмінацыю. Народу кідалі пампушкі і абаранкі. Хлапчукі лавілі іх, крычалі «ўра».
А купецкі сын накупляў ракет, хлапушак. Узляцеў з імі на сваім куфры-самалёце і давай піф-пафаць. Туркі скакалі ад радасці, бо яшчэ ніколі не бачылі такога феерверка. І паверылі, што на прынцэсе жэніцца сам турэцкі бог.
Купецкі сын зноў схаваў свой куфар-самалёт у лесе. Вярнуўся ў горад і з прыемнасцю слухаў, што казалі людзі пра яго.
– Бачыў я самога турэцкага бога! – сказаў адзін гараджанін. – Вочы ў яго нібыта зоркі, а барада – пена марская!
– Ён лятаў на вогненным плашчы! – расказваў другі.
Набліжаўся час вяселля, і купецкі сын пайшоў у лес, каб сесці ў свой чароўны куфар ды паляцець да нявесты. Але здарылася нечаканая бяда.
Куфар згарэў. Ад яго застаўся толькі попел. Відаць, у час феерверка ў ім аселі іскры. Яны тлелі, тлелі дый успыхнулі.
Так і не пашчасціла купецкаму сыну зноў узляцець на каралеўскі палац, да вокнаў прынцэсы.
А яна ўвесь дзень стаяла на даху, чакала яго. Ды чакае і па сёння!
Жаніх жа ходзіць па белым свеце, расказвае новыя казкі. Толькі цяпер яны ўжо не такія вясёлыя, як была яго першая казка пра запалкі.
- Летюча скриня (ўкр.)
- Летучий сундук (рус.)
- Der fliegende Koffer (ням.)
- The Flying Chest (анг.)
- Latający kufer (пол.)