Слухайце ды на вус матайце, чаму казка вучыць.
Непадалёк ад дачы, каля самай канавы, рос у мяккай, зялёнай траве рамонак. Сонечныя промні грэлі і лашчылі яго гэтак жа, як і раскошныя дачныя кветкі – ружы, півоні, цюльпаны.
Адным цудоўным ранкам рамонак расцвіў. Жоўтае, круглае, як сонейка, сэрца яго было акружана ззяннем белых промняў-пялёсткаў. Кветку не бянтэжыла, што яна расла ў густой траве, а не каля дачы. Яна была задаволена ўсім. Прагна цягнулася да сонца, мілавалася ім і слухала, як высока-высока ў небе спявае жаўрук.
Рамонак быў такі вясёлы і шчаслівы, быццам у дзень, калі ён расцвіў, была нядзеля, а не панядзелак. Ён, як вучні ў класе, смірна сядзеў на сцяблінцы і вучыўся ў яснага сонейка і ва ўсёй навакольнай прыроды. Нават не зайздросціў жаўруку ў небе, які бясконца лятаў і спяваў. Рамонку здавалася: ён шчаслівы!
Ніхто з дачных, ганарлівых кветак не прыкмячаў рамонка, які рос каля канавы. Затое ён часта заглядваўся на іх і думаў: «Якія яны прыгожыя! Да іх абавязкова прыляціць у госці нябесны пяюн. Добра, што я расту побач, хаця ўбачу яго зблізку».
Раптам пачулася вельмі блізка «квір-квір-віт!» Жаўрук апусціўся не ў дачны сад да півоняў і цюльпанаў, а проста ў траву, да сціплай кветкі. Рамонак зусім разгубіўся ад радасці, не ведаў, што думаць, як быць!
Птушка скакала вакол рамонка і спявала:
«Ах, якая слаўная мяккая траўка! Якая міленькая кветачка ў срэбранай сукенцы, з залатым сэрцайкам!»
Жаўрук пацалаваў кветку, праспяваў ёй сваю песню і зноў узвіўся ў сіняе неба. Рамонак не ведаў, што і рабіць ад шчасця. А дачныя кветкі, якія ўсё бачылі і чулі, гатовы былі лопнуць ад зайздрасці і злосці.
У гэты час у сад выйшла дзяўчына з вострым нажом у руках. Яна пачала зразаць цюльпаны. Рамонак перажываў за іх. Але ж і радаваўся, што расце ў густой траве.
З захадам сонца рамонак згарнуў пялёсткі, заснуў. Сніўся яму дзіўны сон пра мілую птушку і чырвонае сонейка.
Раніцай кветка зноў выпраміла пялёсткі і працягнула іх, як дзіця ручкі, да светлага сонейка. У той жа міг пачуўся голас жаўрука. Але сёння ён быў нейкі сумны. Што здарылася?
Птушка трапіла ў палон. Цяпер яна сядзела ў клетцы, якая вісела каля расчыненага акна. Жаўрук спяваў пра высокае неба, пра свежую зеляніну палеткаў, пра волю.
Рамонак засумаваў: «Як дапамагчы птушцы, чым?» Усё наўкол нібыта патухла, нічога не радавала.
Раптам з сада выйшлі два хлопчыкі. У аднаго з іх быў вялікі і востры нож. Яны наблізіліся да рамонка, пачалі гаварыць паміж сабой:
– Вось тут можна выразаць кавалак дзёрну для нашага жаўрука.
– Давай спачатку вырвем кветку.
– Не, хай застанецца. Так прыгажэй!
Яны запусцілі нож у зямлю і выразалі чатырохвугольны кавалак дзёрну.
Так рамонак трапіў у клетку да жаўрука.
Спявак скардзіўся ўсё ранне на сваю няволю, біўся грудкай аб жалезнае пруцце клеткі. А бедны рамонак не ўмеў гаварыць і не мог усцешыць яго ні слоўцам. А як хацелася дапамагчы сябру!
А жаўрук скардзіўся:
– Тут няма вады!.. Яны забыліся даць мне папіць. Пайшлі і не пакінулі ні глыточка вады. У мяне зусім перасохла ў горлачку. Тут – духата! Ах, я памру. Не ўбачу болей ні чырвонага сонейка, ні свежай зеляніны, ні ўсяго божага свету...
Каб хоць як-небудзь асвяжыцца, жаўрук глыбока ўсунуў дзюбкў ў прахалодны дзёран... Убачыў рамонак, кіўнуў яму галавой, пацалаваў і сказаў:
– І ты завянеш тут, бедны!.. Цябе ды вось гэты кавалачак зялёнай травы далі яны мне ўзамен усяго вольнага свету. Ты нагадваеш мне, чаго я пазбаўлены...
«Ах, чым мне суцешыць яго?» – думаў рамонак. Ён не мог пашавяліць ні лісцікам і толькі ўсё мацней і мацней прыемна пахнуў. Жаўрук адчуў гэта і не крануў кветку, хаця ад смагі павышчыкваў усю траву.
Наступіў вечар. А беднай птушцы так ніхто і не прынёс вады. Яна ў адчаі расправіла свае кароткія крыльцы, сутаргава затрымцела і яшчэ некалькі разоў праціўкала:
– Піць!.. Піць!..
Раптам галоўка жаўрука схілілася набок. Сэрцайка яго разарвалася ад смутку і пакутаў.
Рамонак не мог той ноччу згарнуць свае пялёсткі і заснуць, як раней. Ён зусім захварэў, стаяў сумны, з паніклай галавой.
Толькі на другую раніцу падбеглі да клеткі хлопчыкі. Убачылі мёртвага жаўрука і горка-горка заплакалі.
Хавалі птушку па-царску. Паклалі ў прыгожы чырвоны карабок. Выкапалі магілку, упрыгожылі яе кветкамі. Бедны жаўрук! Пакуль ён жыў і спяваў, хлопчыкі забыліся пра яго, пакінулі ў клетцы паміраць ад смагі. А цяпер пралівалі горкія слёзы над яго магілкай.
Не лепш яны аднесліся і да рамонка. Разам з дзёрнам выкінулі кветку на пыльную дарогу. А рамонку, які больш за ўсіх любіў жаўрука, так хацелася быць разам з ім. Хаця б на яго магілцы.
- Ромашка (ўкр.)
- Ромашка (рус.)
- Das Gänseblümchen (ням.)
- The Chamomile (анг.)
- Polny kwiatek (пол.)