– Жахлівае здарэнне! – сказала курыца, якая жыла зусім у іншым краі горада, а не там, дзе здарыўся выпадак. – Жахлівае здарэнне ў куратніку! Я проста баюся цяпер начаваць адна! Добра, што нас шмат на седале!
І яна ўзялася расказваць, ды так, што ва ўсіх курэй пер'е паднялося дыбам, а ў пеўня скурчыўся грэбень.
Сонца садзілася, і ўсе куры былі ўжо на седале. Адна з іх, белая каратканожка, курыца ва ўсіх адносінах прыстойная і паважаная, якая спраўна несла яек столькі, колькі трэба, сеўшы зручней, пачала перад сном чысціцца і распрамляць дзюбаю пер'е. І вось адна маленькая пярынка вылецела і ўпала на дол.
– Бач, як паляцела! – сказала курыца. – Але нічога, чым лепш я прыбіраюся, тым болей прыгажэю!
Гэта яна сказала проста так, жартам, – курыца ўвогуле была вясёлая па характары, але гэта ніяк не замінала ёй быць, як мы ўжо казалі, вельмі і вельмі паважанай курыцаю. Неўзабаве яна заснула.
У куратніку было цёмна. Куры ўсе сядзелі поплеч, і тая, што была збоку з гэтай прыстойнай курыцаю, не спала яшчэ: яна не тое каб наўмысна падслухоўвала суседчыныя шэпты, але ўсё ж крыху чула іх, – бо так і трэба, калі хочаш мірна жыць з суседзямі. І вось яна не выцерпела і прашаптала другой сваёй суседцы:
– Чула? Я не хачу называць імён, але тут ёсць курыца, якая можа вырваць на сабе ўсё пер'е, каб толькі быць прыгажэйшай. Каб была я пеўнем, дык пагарджала б ёю!
Якраз над курамі сядзела ў гняздзе сава з мужам і дзеткамі; совы маюць востры слых, і яны пачулі ўсё, што тут гаварылі. Усе яны пры гэтым жвавей пакручвалі вачыма, а савіха махала крыллем, нібы веерамі.
– Тс-с! Не слухайце, дзеткі! Зрэшты, вы, канечне, ужо чулі? Я таксама. Ах! Проста вушы вянуць. Адна курыца да таго дайшла, што пачала вырываць на сабе пер'е перад самымі вачыма пеўня!
– Рrеnez gаrde аuх еnfаnts! – сказаў сава-бацька. – Дзецям зусім не варта чуць такое!
– Трэба будзе расказаць пра гэта нашай суседцы, яна такая мілая асоба!
І савіха паляцела да суседкі.
– У-гу, у-гу! – загукалі пасля абедзве савы над недалёкай галубятняй. – Вы чулі? Вы чулі? У-гу! Адна курыца выскубла з сябе ўсё пер'е дзеля пеўня! Яна замерзне, замерзне насмерць! Калі ўжо не акачанела! У-гу!
– Вур-вур! Дзе? Дзе? – вуркаталі галубы.
– На суседняй сядзібе! Гэта амаль на маіх вачах было! Проста непрыстойна і гаварыць пра гэта, але ўсё тут шчырая праўда!
– Верым, верым! – сказалі галубы і завуркаталі курам, якія сядзелі знізу:
– Вур-вур! Адна курыца, кажуць, нават дзве курыцы выскублі з сябе ўсё пер'е, каб спадабацца пеўню! Небяспечная задума! Можна ж прастудзіцца і памерці, ды яны памерлі ўжо!
– Кукарэку! – заспяваў певень, узлятаючы на плот. – Прачніцеся! – У яго самога вочы яшчэ зусім зліпаліся спрасоння, а ён ужо крычаў: – Тры курыцы загінулі ад няшчаснага кахання да пеўня! Яны выскублі на сабе ўсё пер'е! Такая вось непрыстойная гісторыя! Не хачу маўчаць пра яе! Няхай разыдзецца гэта па ўсім свеце!
– Няхай, няхай! – запішчалі кажаны, закудахкалі куры, загарланілі пеўні. – Няхай, няхай!
І гісторыя паняслася – з двара ў двор, з куратніка ў куратнік і дайшла нарэшце да таго месца, адкуль пачалася.
– Пяць курыц, – гаварылі тут, – выскублі з сябе ўсё пер'е, каб паказаць, хто з іх болей схуднеў ад любові да пеўня! Пасля яны задзяўблі адна адну насмерць, на сорам і ганьбу ўсяму свайму роду і на страту сваім гаспадарам!
Курыца, якая згубіла адну пярынку, канечне, не ўведала, што гэтая гісторыя пачалася з яе, і, як курыца ва ўсіх адносінах паважная, сказала:
– Я пагарджаю такімі курамі! Але такіх нямала! Пра такія рэчы, аднак, нельга маўчаць! І я, са свайго боку, зраблю ўсё, каб гэтая гісторыя трапіла ў газеты! Няхай разыдзецца па ўсім свеце – гэтыя куры і ўвесь іхні род вартыя такога!
І ў газетах сапраўды змясцілі ўсю гісторыю, і гэта шчырая праўда: адной маленькай пярынцы зусім не цяжка пераўтварыцца ажно ў пяць курыц!
- Істинна правда (ўкр.)
- Истинная правда (рус.)
- Es ist ganz gewiß (ням.)
- The true truth (анг.)
- Prawdziwa prawda (пол.)