Раскажу я табе казку, якую сам чуў у маленстве. І кожны раз, як я ўспамінаў яе пасля, яна здавалася мне ўсё лепшай і лепшай, бо і з казкамі бывае гэтак жа, як шмат з кім з людзей: з гадамі яны становяцца ўсё лепшымі і лепшымі, і гэта вельмі добра!
Ты, вядома, бываў у вёсцы, і табе, напэўна, даводзілася бачыць старэнькія вясковыя хаты з саламянымі стрэхамі. Стрэхі гэтыя абраслі мохам, травою, на вільчыку абавязкова буслінае гняздо, сцены пакрывіліся, акенцы нізенькія, і адчыняецца ўсяго адно; на кухні печ выпучваецца, нібы жывот таўстуна; цераз агароджу звісае куст бузіны. А дзе трапіцца лужына, па якой плавае качка з качанятамі, там прыткнулася і вузлаватая, каравая вярба. Каля хаты ёсць, вядома, навязаны на ланцуг сабака, які брэша на ўсіх і кожнага.
Якраз вось такая хатка і стаяла ў адной вёсцы, а ў ёй жылі старыя муж з жонкай. Ды як ні бедна яны жылі, сёе-тое было ў іх і лішняе. Так яны маглі абысціся без свайго каня, бо работы для яго не было, і ён цэлыя дні пасвіўся ў прыдарожнай канаве. Муж часамі ездзіў на кані ў горад, іншы раз пазычаў яго суседзям, за што тыя расплачваліся дробнымі паслугамі. Але ўсё-такі выгадней было б прадаць гэтага каня або памяняць на што-небудзь больш патрэбнае. А на што памяняць?
– Ну, што прадаць, а што купіць, ты лепей за мяне ведаеш! – сказала мужу жонка. – Цяпер якраз кірмаш у горадзе, едзь туды, ды і прадай коніка або памяняй з выгадай! Ты ж у мяне заўсёды што ні зробіш, дык усё добра! Едзь з Богам!
І яна завязала яму на шыю хусцінку – гэта яна ўсё-такі ўмела рабіць лепш за мужа, завязала яе падвойным вузлом; вельмі прыгожа выйшла! Потым яна прыгладзіла далонню капялюш мужа і пацалавала старога проста ў губы. І вось ён паехаў на кані, якога трэба было або прадаць, або прамяняць у горадзе. А ўжо ў чым, у чым, а ў куплі-продажы ён разбіраўся!
Сонца так і пякло, на небе не было ні воблачка. Над дарогай стаялі хмары пылу, бо на кірмаш ехала і ішло столькі народу – хто на возе, хто вярхом, а хто проста пешкі. Спёка стаяла нясцерпная, і нідзе на ўсёй дарозе аніякага ценю.
І тут стары ўбачыў, што па дарозе ідзе чалавек і гоніць перад сабою карову, ды такую прыгожую, адно заглядзенне! «Пэўна, і малако яна дае цудоўнае! – падумаў наш селянін. – От бы выменяць яе за каня!»
– Гэй, ты там, з кароваю! – гукнуў ён. – Давай пагамонім! Бачыш майго каня? Я думаю, ён каштуе даражэй за тваю карову, але карова мне больш патрэбна. Давай памяняемся, га?
– Давай, – згадзіўся гаспадар каровы, і яны памяняліся.
Памяняліся, і цяпер селянін мог спакойна вярнуцца дадому. Але ж ён збіраўся пабываць у горадзе і таму разам з каровай рушыў далей, каб хоць паглядзець на кірмаш.
Ішоў ён шпарка, карова не адставала, і неўзабаве яны дагналі чалавека, які вёў авечку. Авечка была добрая, укормленая, з густою воўнаю.
«От бы мне такую! – падумаў селянін. – Улетку ёй хопіць корму ў нашай канаве, а на зіму яе можна браць у хату. І праўда, нам зручней трымаць авечку, чым карову. Памяняцца, ці што?»
Гаспадар авечкі ахвотна згадзіўся на абмен, і селянін пайшоў далей ужо з авечкай. Раптам ён убачыў пры дарозе чалавека, які трымаў пад пахаю вялікую гусь.
– Ну і гусь у цябе! – залюбаваўся селянін. – Ды тлустая якая! Ды пер'я на ёй колькі! Хораша было б паглядзець, як яна плавае на прывязі ў нашай лужыне. І старой маёй было б для каго збіраць аб'едкі! Яна не раз гаварыла: «Ах, каб у нас была гусь!» Ну вось цяпер яна будзе яе мець! Хочаш мяняцца? Даю табе за гусь авечку, ды яшчэ дзякуй скажу ў прыдачу!
Той не адмовіўся, і яны памяняліся. Селянін займеў гусь.
Тым часам горад ужо быў блізка, і дарога ажно кішма кішэла людзьмі і жывёлай – ступіць не было дзе. Таму шмат хто ішоў па дне канавы, а некаторыя нават па палетку бульбы вартаўніка пры дарозе. Тут жа хадзіла курыца вартаўніка, але яе прывязалі да агароджы аборкай, каб яна не спалохалася людской таўханіны і не адбілася ад дому. Была яна куртатая, падміргвала адным вокам і ўвогуле з выгляду курыца хоць куды. «Ко-ко-ко!» – сакатала яна; што хацела гэтым сказаць, я не ведаю, але селянін, як убачыў яе, дык падумаў: «Лепшай за гэтую курыцу я не бачыў. Яна прыгажэйшая за квактуху нашага святара; от бы яе нам! Курачка заўсёды знойдзе сабе зернетка, лічы, што сама сябе пракорміць! Дапраўды, добра было б памяняць на яе гусь».
– Хочаш мяняцца? – спытаў ён у вартаўніка.
– Мяняцца? А чаму б і не?! – адказаў той.
І яны памяняліся: вартаўнік узяў сабе гусь, а селянін курыцу.
Нямала ўсё-такі панамяняўся ён па дарозе ў горад, ды яшчэ спякота стаяла страшэнная, і ён вельмі стаміўся. Няблага было б цяпер і перакусіць! А тут якраз і карчма побач. У яе ён і падаўся, але каля дзвярэй сутыкнуўся з парабкам, які нёс туга напакаваны нечым мех.
– Што нясеш? – спытаў селянін.
– Гнілыя яблыкі, – адказаў парабак. – От назбіраў поўны мех свінням.
– Ух ты! Гэтак многа?! От каб пабачыла мая жонка! У нас летась урадзіў на старой яблыні ўсяго адзін яблык, дык мы яго так шанавалі, у куфры хавалі, пакуль ён не згніў! Але мая старая ўсё адно казала: «Які ні ёсць, а прыбытак!» От каб яна паглядзела, які бывае прыбытак. Хацелася б мне пацешыць яе!
– А што вы дасце за гэты мех? – спытаў хлопец.
– Што дам? Ды вось курыцу!
Селянін аддаў курыцу парабку, узяў мех з яблыкамі, зайшоў у карчму і – адразу да прылаўка, а мех свой прыхіліў да печы, у якой якраз палілася. Ды ён на гэта не звярнуў увагі. У карчме было процьма народу: перакупшчыкі, гандляры жывёлай. Сядзелі там і два ангельцы. Ды такія багатыя, што ўсе кішэні ў іх былі набіты золатам. І вельмі ж любілі яны ісці ў заклад. А цяпер паслухайце!
«Пок! Пок! Пок!» – пачулася каля печы.
Ды гэта ж яблыкі пачалі лопацца ад гарачыні.
Вось тут усе і даведаліся пра гісторыю, як стары памяняў каня на карову, карову на авечку і ўрэшце атрымаў мех гнілых яблыкаў.
– Ну і будзе табе ад жонкі, як вернешся! Дасць яна табе дыхту! Галаву адарве! – загаманілі ўсе ў карчме.
– Нічога не будзе, – запярэчыў селянін. – Жонка пацалуе мяне і скажа: «Што муж ні зробіць, усё добра!»
– А вось пабачым! – заспрачаліся ангельцы. – Ідзём у заклад на бочку золата!
– Хопіць і адной меркі, – сказаў селянін. – А я са свайго боку магу паставіць толькі поўную мерку яблыкаў ды самога сябе са сваёю старою ў прыдачу, гэтага хопіць з лішкам!
– Згодны! – закрычалі ангельцы.
Пад'ехала каламажка карчмара. У ёй змясціліся ўсе – ангельцы, селянін, узвалілі і мех з гнілымі яблыкамі. Каламажка рушыла ў дарогу, і нарэшце прыехалі да хацінкі старога селяніна.
– Добры дзень, жоначка!
– Добры дзень, муж даражэнькі!
– Ну, я памяняў!
– Ды ты ў мяне на ўсё майстар! – сказала жонка і кінулася абдымаць мужа, не зважаючы ні на мех з яблыкамі, ні на чужых людзей.
– Я памяняў каня на карову!
– І дзякуй Богу! – сказала жонка. – Цяпер у нас на стале будзе і малако, і масла, і сыр. Вунь як выгадна памяняў!
– Так то яно так, але карову я памяняў на авечку!
– І добра зрабіў! – пахваліла жонка. – Ты заўсёды ведаеш, як лепей! Для авечкі ў нас і корму хопіць. А мы будзем піць авечае малако ды авечым сырам частавацца, а з воўны звяжам цёплыя панчохі і нават фуфайкі. А з каровы шэрсці не збярэш. Яна, як ліняе, дык усю пагубляе. Які ты ў мяне разумны!
– Я і авечку памяняў – на гусь!
– Ах, няўжо і праўда, што ў гэтым годзе на дзень святога Марціна ў нас будзе смажаная гусь?! Ты ўсё стараешся, чым бы мяне парадаваць ды пацешыць! Як добра ты гэта прыдумаў! Гусь, хоць пасі яе, хоць не пасі, усё адно да свята растлусцее.
– Яно так, але я памяняў гусь на курыцу! – сказаў муж.
– На курыцу? Ну і цудоўна! Курыца нанясе яек, вывядзе куранят, і ў нас будзе цэлы птушнік! От што даўно мне хацелася мець!
– Але курыцу я памяняў на мех гнілых яблыкаў.
– Ну, дык дай я цябе расцалую! – усклікнула жонка. – Дзякуй табе, даражэнькі мой! Ты от паслухай, што я табе раскажу. Ты паехаў, а я і падумала: «Давай прыгатую яму на вячэру што-небудзь смачненькае – яечню з цубуляй! Яйкі ў мяне былі, а цыбулі не. Я і пайшла да жонкі настаўніка, бо ведаю, што ў іх ёсць цыбуля, але яна жмінда скупая, хоць і прыкідваецца добранькай. Я папрасіла яе пазычыць цыбуліну. «Цыбуліну? – перапытала яна. – Ды ў нас у садзе і агародзе нічагусенькі не расце. Нават гнілога яблыка не знойдзеш!» А от цяпер я магу ёй пазычыць хоць дзесяць яблык, хоць цэлы мех! Ну і пасмяёмся ж мы з настаўнічыхі. – І яна зноў пацалавала мужа проста ў губы.
– Вось гэта здорава! – закрычалі ангельцы. – Як ёй ні туга даводзіцца, а яна хоць бы што! Заўсёды ўсім задаволена. Для такой і грошай не шкада!
Тут яны расплаціліся з селянінам, бо жонка ж яму галавы не адарвала, а, наадварот, моцна абняла і пацалавала. Цэлую мерку золата насыпалі.
Так вось яно. Калі жонка лічыць мужа разумнейшым за ўсіх на свеце і што ён ні зробіць, усё добра, – гэта заўсёды ёй на карысць.
Вось табе і ўся казка. Я чуў яе яшчэ ў маленстве, а цяпер расказаў табе. І цяпер ты ведаеш: «Што муж ні зробіць, усё добра!»